Пётр I і
Беларусь
Кожны з вас, вядома, чуў
пра расейскага цара Пятра I. Ён шмат зрабіў, каб
умацаваць сваю дзяржаву. Клапаціўся пра войска, пабудаваў
флот. Далучыў да сваёй краіны новыя землі. Пятроўская дзяржава пачала называцца Расейскай імперыяй, а сам ён імператарам. У Расеі шануюць гэтага цара і лічаць яго выдатным дзяржаўным дзеячам. Але
ці варта захапляцца Пятром I нам, беларусам? Што зрабіў ён для нашай
зямлі?
Паўночная вайна
Сеўшы на
расейскі трон, цар Пётр вырашыў, як ён сам казаў, прасекчы вакно ў Еўропу. Гэта
значыць, ён хацеў адваяваць сабе бераг Балтыйскага мора і пабудаваць там свае
крэпасці-фартэцы і порты для ваенных і гандлёвых караблёў. Дзеля гэтага ён
пачаў вайну са Швецыяй, якой тады належалі прыбалтыйскія землі. Вайна атрымала
назву Паўночная.
Вялікі
князь літоўскі і кароль польскі Аўгуст II быў хаўруснікам Пятра. Але частка
беларускіх магнатаў на чале
з Сапегамі падтрымала шведскага караля Карла і дапамагла яму войскам. Пётр I паслаў
на Беларусь 70-тысячную армію.
Так на пачатку
XVIII стагоддзя нашу Бацькаўшчыну
зноў напаткала вайна. Тут адбылося некалькі жорсткіх бітваў паміж расейцамі
і шведамі. Самая вялікая з іх
— бітва каля вёскі Лясная на Магілеўшчыне, дзе войскам Пятра ўдалося здабыць важную перамогу.
Цар у Полацку
Калі вы прыедзеце ў Полацак, вам пакажуць старадаўні мураваны дом, дзе ў гады Паўночнай
вайны спыняўся расейскі цар. Ён
пражыў у горадзе ўсяго месяц, але назаўсёды пакінуў па сабе страшную памяць,
бо ўчыніў там крывавае злачынства. Прычым зрабіў гэта
не дзе-небудзь, а ў святым
для кожнага беларуса месцы — Сафійскім саборы.
Пётр ніколі
не быў набожным. Заходзячы ў храм, ён, праўда, здымаў
з галавы парык, але нават
са сваімі расейскімі папђмі ніколі не цырымоніўся. Вуніятаў жа ён проста
ненавідзеў, бо яны не падпарадкоўваліся маскоўскім царкоўным уладам. У Віцебску
цар загадаў, напрыклад, пасекчы і спаліць вуніяцкія
абразы.
Аднойчы
Пётр з некалькімі прыдворнымі, перад тым добра выпіўшы, зайшоў у вуніяцкі Сафійскі
сабор. Простых вернікаў такой парою не
было, маліліся толькі шэсць святароў і манахаў. Цар
гучна запатрабаваў зрабіць яму па храме экскурсію. Немалады святар айцец Канстанцін мусіў падпарадкавацца і пачаў апавядаць
няпрошаным гасцям пра галоўны сабор
беларускіх вуніятаў. Адзін з абразоў не спадабаўся
цару, і ён
ударыў святара сваім пудовым кулаком. Айцец Канстанцін упаў, і Пётр цяжка параніў
яго шабляй. Беручы прыклад з раз’юшанага гаспадара, прыдворныя таксама выхапілі шаблі і распраўляліся
з бяззбройнымі людзьмі. Па храме паплылі крывавыя ручаі. Уратавацца ад п’яных катаў удалося толькі
аднаму святару, якога палічылі забітым. Старэнькага айца Якуба царовы
служкі забралі з сабой і
ўсю ноч катавалі,
патрабуючы выдаць, дзе схаванае саборнае
золата. Уранні айца Якуба і
айца Канстанціна павесілі. Целы пяці забітых беларускіх святароў Пётр загадаў спаліць, а попел развеяць над Дзвіной, каб на іхняй магіле не маглі збірацца
людзі.
Пра гэтае злачынства даведаліся ў іншых
краінах. Каб
спыніць непажаданыя размовы, цар Пётр I выдаў адмысловы загад. Там гаварылася, што полацкія святары
самі напалі ў Сафійскім саборы
на гасцей і тыя, каб адбараніцца,
мусілі іх забіць. У Расейскай імперыі заўсёды
ўмелі з чорнага
рабіць белае.
Царская помста
За незалежнасць
Пётр I жорстка пакараў не толькі полацкіх вуніятаў, але і
іхні сабор. Спачатку храм святой Сафіі аддалі салдатам на рабаванне, а потым зрабілі на загад цара вайсковым складам. Там трымалі розныя прыпасы, а часам і коней.
У саборных сутарэннях
расейцы захоўвалі порах. Досыць было іскрынкі, каб беларуская
святыня ўзляцела ў паветра.
Такая іскра ўспыхнула якраз напярэдадні адыходу з Полацка
царскіх войскаў. Вядома, здарылася гэта невыпадкова.
Сафійскі сабор ператварыўся ў куродымныя руіны. Трыццаць гадоў яны стаялі
на высокім
полацкім замчышчы, выклікаючы ў сэрцах
палачанаў і тых, хто плыў
па Дзвіне, глыбокі смутак, нагадваючы пра цяжкія раны роднай зямлі.
У сярэдзіне XVIII стагоддзя вуніяты адбудавалі сабор.
Тады ён і набыў
добра знаёмае нам сучаснае аблічча.
Саюзнікі
ці захопнікі?
Расейскі імператар і ягоныя
людзі трымаліся ў Беларусі не як хаўруснікі, а як захопнікі. Ад іх нашая краіна зазнала гора не меней, чым ад шведаў.
Так было не толькі ў Полацку.
Гістарычныя дакументы апавядаюць, як паводзіў сябе ў
Магілеве сябар
і паплечнік цара Аляксандр Меншыкаў. Заняўшы горад, ён запатрабаваў
ад жыхароў карміць і паіць сваё вялікае
войска. Кожны дзень магілеўцы былі абавязаныя дастаўляць “саюзнікам” некалькі бочак віна, мёду і піва, жывога вала, некалькі дзесяткаў бараноў, некалькі вазоў жывой і марожанай
рыбы, цэлыя чароды гусей і курэй, сто булак
і дзвесце калачоў, кадушкі масла і скрыні аліваў,
а таксама цукар, разынкі, міндаль, мускатавыя арэхі ды іншыя прысмакі.
Горад выконваў усе загады расейцаў, але, замест удзячнасці,
быў падпалены.
Выгнаныя з горада жыхары
выплакалі апошнія слёзы, бачачы, як ператвараюцца ў попел іхнія дамы і Божыя храмы. У агнявой віхуры царкоўныя званы самі пачалі званіць.
Гэта быў хаўтурны звон па адным з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы.
Царскія казакі падпалілі з чатырох
бакоў і Віцебск.
Горкія ўспаміны засталіся ад “саюзнікаў” таксама ў Менску.
Там расейская кавалерыя абчысціла жаночы манастыр святой Тройцы, ад якога пайшла назва
сённяшняга Траецкага прадмесця. Шукаючы золата, зладзеі паламалі ў манастырскім
саборы алтар і ўзадралі падлогу.
Потым надышла чарга Святадухаўскай царквы на Высокім
рынку (там, дзе цяпер плошча Свабоды) ды іншых манастыроў
і храмаў.
Менчукі ўзяліся за зброю, і на Нямізе далі
рабаўнікам адпор.
За гады Паўночнай вайны
беларускі народ страціў 800
тысяч чалавек. Загінуў
амаль кожны трэці. Гэтая вайна
і жорсткі расейскі цар Пётр не прынеслі Беларусі нічога, апрача крыві, пажараў і разбурэнняў.
Пытанні і заданні
1. Чаму
Пётр I паслаў на Беларусь сваё войска?
2. Якое злачынства
ўчыніў цар у Полацку?
3. Як цар адпомсціў
Сафійскаму сабору?
4. Раскажы, як Пётр і ягоныя людзі
паводзілі сябе на нашай беларускай зямлі.
5. Ці ёсць
у беларусаў якія-небудзь падставы шанаваць памяць Пятра I?